СУБ’ЕКТЫЎНАЕ ПРА́ВА,

забяспечаная законам магчымасць фіз. або юрыд. асобы рэалізаваць сваё права шляхам выканання пэўных дзеянняў або патрабаваць пэўных паводзін ад інш. асоб. Так, уласнік рэчы мае права валодаць, карыстацца і распараджацца ёю ў рамках закона, не звяртаючыся па дапамогу да інш. асоб і не патрабуючы ад іх пэўных дзеянняў. Такія С.п. называюцца абсалютнымі, яны ахоўваюцца ад кожнага, хто сваімі паводзінамі перашкаджае іх ажыццяўленню. Па дагаворы ж куплі-продажу прадавец рэчы мае права патрабаваць ад яе пакупніка аплаты кошту рэчы, г.зн. выканання пэўнага дзеяння. Такое С.п. называецца адносным, паколькі патрабаванне адносіцца да пэўнай асобы. Ў выпадку парушэння С.п. яно абараняецца законам у прымусовым парадку шляхам прад’яўлення ў судзе або інш. дзярж. органе прэтэнзій да парушальніка.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)